Я́ДЗЕРНЫ КВАДРУПО́ЛЬНЫ РЭЗАНА́НС (ЯКР),
рэзананснае паглынанне радыёхваль крышталямі, якія маюць атамныя ядры з эл. квадрупольнымі момантамі (гл. Квадрупольнае ўзаемадзеянне). Адкрыты ў 1950 ням. вучонымі Г.Дэмельтам і Г.Кругерам. Абумоўлены зменай арыентацыі квадрупольных момантаў ядраў у неаднародным эл. полі крышт. рашоткі пры паглынанні радыёхваль. У адрозненне ад ядзернага магнітнага рэзанансу ЯКР мае месца і пры адсутнасці знешняга магн. поля. Назіраецца таксама пры паглынанні ультрагукавых хваль, якія мадулююць квадрупольныя ўзаемадзеянні ядраў з градыентам эл. поля ў наваколлі ядраў (ядз. акустычны квадрупольны рэзананс). ЯКР выкарыстоўваецца для даследавання структуры крышталёў, у інтраскапіі.
Літ.:
Гречишкин В.С. Ядерные квадрупольные взаимодействия в твердых телах. М., 1973;
Гречишкин В.С., Синявский Н.Я. Новые физические технологии: обнаружение взрывчатых и наркотических веществ методом ядерного квадрупольного резонанса // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 4;
Магнитная квантовая акустика. М., 1977.
М.А.Паклонскі.
т. 18, кн. 1, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)